«СУХІ́ ЗАКО́Н»,

закон аб забароне вытворчасці і продажу спіртных напіткаў. Дзейнічаў у ЗША (1920—33) і ў некаторых інш. дзяржавах. У ЗША, Ісландыі, Фінляндыі і інш. «С.з.» не прывёў да жаданай мэты. У Бельгіі, Францыі, Нарвегіі і інш. у розны час уводзіліся забараняльныя законы на напіткі пэўнага мацунку. У Швецыі з 1865 дзейнічала т.зв. Гатэнбургская сістэма, якая пазней з відазмяненнямі была ўведзена ў інш. скандынаўскіх краінах. Паводле гэтай сістэмы продаж спіртных напіткаў дазваляўся толькі адначасова з гарачай ежай, а рэстаратар атрымліваў даход выключна ад продажу харч. прадуктаў. З 1919 замест Гатэнбургскай была ўведзена картачная сістэма (т.зв. сістэма Брата), якая абмяжоўвала ўжыванне спіртных напіткаў да 4 л у месяц. У 1955—57 сістэма Брата адмерла, а «шведскі дэпартамент цвярозасці» фактычна быў зведзены на становішча статыстычнай установы. У Расіі забарона вытв-сці і продажу спіртных напіткаў была ўведзена ў 1914 і дзейнічала да 1925. Аднак забараняльныя меры прывялі да таго, што ў абход закона замест віна і гарэлкі сталі ўжываць розныя сурагаты, якія аказвалі яшчэ больш шкоднае ўздзеянне на арганізм. Чарговая спроба выкараніць п’янства і алкагалізм у б. СССР была зроблена ў 1980-я г. ў час праўлення М.​С.​Гарбачова. Яна пацягнула паўсюднае знішчэнне элітных вінаграднікаў і ажыятажны попыт на алкагольныя напіткі.

Г.​А.​Маслыка.

т. 15, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)